ТБІЛІ́СКІ ЭМІРА́Т,
мусульманскае феад. ўладанне на тэр. Грузіі ў 8 — пач. 12 ст. Узнік у выніку арабскіх заваяванняў у 730-я г. як частка Амеядаў халіфата (з 750 Абасідаў халіфата), кіраваўся эмірамі (князямі) з рэзідэнцыяй у г. Тбілісі. Спачатку Т.э. падпарадкоўвалася ўся Усх. Грузія, але ў выніку вызв. барацьбы грузін яго тэр. скарачалася. У 9 ст. пад уладай эміраў заставалася толькі тэр. Картлі, у 11 ст. — Тбілісі з прылеглым раёнам. З канца 9 да канца 11 ст. Т.э. быў фактычна незалежны ад араб. халіфаў. У 1122 войскі груз. цара Давіда Будаўніка авалодалі Тбілісі, які стаў сталіцай аб’яднанай Грузіі. Т.э. спыніў існаванне.
т. 15, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)